Маршрут выхаднога дня "Вітаўская крыніца"

Маршрут выхаднога дня "Вітаўская крыніца"

Рэкамендаваны ўзрост дзіцяці:

- сярэдні; 

- старэйшы дашкольны ўзрост.

Від маршруту: пешы.

Працягласць па часу: ад 1 часу да 2х.

Цудатворная крыніца знаходзіцца ў вёсцы Вітаўка Дзяржынская раёна, у 15 км ад гораду Мінску. Тэмпература вады ў крыніцы круглы год пастаянная - каля +9°С.

Па шматлікіх сведчаннях вернікаў, пасля абмывання ў купальні крыніцы адбываліся вылячэнні ад розных захворванняў.

Ваш маршрут будзе пралягаць каля рэчкі Хамычка.

 

Раскажыце дзецям легенду аб узнікненні крыніцы

 

Даўным-даўно жыў багаты князь Віт са сваёй дачкой. Ён быў удаўцом. Вакол яго маёнтка размяшчаліся непраходныя гушчары і топкія балоты. Усё вакол было ціха і спакойна. Але аднойчы ноччу князь Віт прачнуўся ад дзіўнага голасу: "Віт, Віт! Бяры ружжо і страляй па ворагам, а то дачку забяруць!" Так было тры разы. На апошні раз Віт выйшаў на крыльцо, а на двары ужо шмат шведскіх салдат. Ад страху князь выстраліў. Сярод салдат пачалася паніка, і яны пачалі разбягацца. Што трапіў у балота - загінуў у багне, хто уцёк у лес - памёр ад лютага зверу. Каб аддзяцыць Бога за сваё выратаванне, Віт пабудаваў каменны храм. Але прайшоў час і князь забыў пра Божую міласць і цудоўнае выратаванне. Ён здзейсніў такі страшэнны грэх, што нават зямля затрэслася і паглынула ўсё багацтва Віта разам з храмам.

Праз нейкі час людзі  выявілі, што на месцы, дзе раней стаяла царква, заструменіла чыстая крынічка. Мясцовыя людзі, якія хаваліся ад ворагаў ў здзешніх лясах і балотах, часта пілі гэтую чыстую ваду. Пазней яны выявілі: у вады цудадзейныя ўласцівасці, яна лечыць многія хваробы. Тады каля крыніцы паставілі крыж, а потым і невялікую царкву.

 

Пытанні, якія вы можаце задаць па шляху вашай вандроўкі:

1. Якіх хатніх жывёл, птушак, насякомых і вадяных ісот вы сустрэлі?

2. Колькі вытокаў у крыніцы?

3. Якая птушка занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі?

4. Якія знаёмыя кветкі вы ўбачылі?

 

Загадайце дзецям загадкі:

- Што бяжыць без повада? (Вада).

- Што расцець без кораня? (Камень).

- Ляцеў птах цераз дах, сеў на варотах у чырвоных ботах. (Бусел)

- Кішэні не мае, а сонца хавае. Страху не мае, а ад ветру ўцякае. Вачэй не мае, а слёзы пралівае.( Хмара)

- Што бяжыць без повада? (Вада)

- Ні рук, ні ног не мае, а яблыкі страсае. (Вецер.) 

- Што расцець без кораня?( Камень)

- Кажуць, што гэтая птушка у́ дом прыносiць малых. На дамах яна гняздуецца, любiць лавiць змей, мышэй. Хто гэта?(бусел). 

- Без страху, без гора, пралятае рэкі і мора. (Птушка.)

- Галавы не мае, а шапачку на назе трымае ( бусел),

- Дзюбасты, шэры, хто там Выглядвае з балота? Нага ад стомы ные. Завiсла ў небе шыя. (Чапля)

 

 

Рухомыя гульні, у якія вы можаце пагуляць з дзецьмі

Гульня «МЯДЗВЕДЗЬ».

Узрост: 5 – 6 гадоў.

Задачы: развіваць фізічныя здольнасці, кемлівасць, знаходлівасць; выхоўваць пачуццё калектывізму;

Абсталяванне: шапка і вяроўка для мядзведзя, шапка важака, бубен.

Апісанне гульні.

Выбіраецца мядзведзь (мішка), важак, музыка. Узяўшыся за рукі, дзеці ўтвараюць паўмесячык. Важак прыводзіць мядзведзя ў памяшканне і вядзе яго да дзяцей. Побач стаіць музыка з бубнам. Важак прамаўляе:

—Мішка, павесялі народ! Пака жы нам, як жанчыны хлеб месяць.

Мішка паказвае. Дзеці паўтараюць усе яго рухі.

— Пакажы, як яны ідуць на поле працаваць?

Мішка ледзь ідзе, спыняецца, слухае, углядаецца ў неба, нюхае (дзеці робяць тое самае).

— Ну-ка, мішка, пакажы, як яны ідуць з поля дадому.

Мішка ідзе хутка, нават подбегам.

— Пакажы, як мужык дровы коле. Як касу нясе. Як косіць і г.д.

Важак прамаўляе:

—Дзякуй, мішка, павесяліў народ. Пайшлі.

Хоча вывесці мядзведзя, але той не ідзе, упіраецца.

—Дзеці, мішка вельмі любіць вясёлыя народныя гульні.

Мядзведзь і важак становяцца ў круг, вызначыўшы новага важака і мядзведзя. Кожны важак і мядзведзь уносяць новыя элементы ў гульню. Для таго каб дзеці развівалі творчую фантазію, можна прапанаваць ім загадзя размер- кавацца па парах і падрыхтаваць новыя дзеянні.

Гульня «ЖУРАВЕЛЬ».

Узрост: 5 – 6 гадоў.

Задачы: практыкаваць ва ўменні трымаць раўнавагу; развіваць спрыт, увагу; выхоўваць хуткасць рэакцыі.

Абсталяванне: «масток» (даўжыня 2—3 м), шапка жураўля.

Апісанне гульні.

Сярод удзельнікаў гульні выбіраецца журавель (хлопчык) ці жураўка (дзяўчынка). Дзеці па парах (пажадана, каб у пары былі хлопчык і дзяўчынка) становяцца паўмесяцам. Узяўшыся за рукі, яны падымаюць то правую, то левую нагу (імітуюць рухі жураўля). Журавель на некаторай адлегласці (3—4 м) важна ходзіць па «балоце».

Дзеці гавораць спакойна:

Як павадзіўся журавель

Да нашых канапель.

Такі-такі чубаты,

Такі-такі насаты!

Потым усе моцна прамаўляюць: «Хапай, журавель!», і першая пара хутка бяжыць па масточку цераз «балота». Журавель павінен дакрануцца рукой да дзяўчынкі, а калі жураўка — то да хлопчыка. Калі жураўлю пашанцуе, на яго месцы застаецца той, хто застаўся без пары. Гульня працягваецца.

Перад гульнёй пазначаецца «балота» і «масток»

(даўжынёй 2—3 м).

Гульня «ПРЭЛА-ГАРЭЛА».

Узрост: 5 – 6 гадоў.

Задачы: развіваць хуткасць рэакцыі, кемлівасць, спрыт, умение дзейнічаць па сігнале.

Матэрыял: цацкі.

Апісанне гульні.

Да пачатку гульні выхавальнік у розных месцах пляцоўкі хавае цацкі. Дзеці становяцца ў круг і гавораць наступныя словы:

Прэла-гарэла,

За мора ляцела,

А як прыляцела,

Дзе-небудзь села.

Хто першы знойдзе,

Той сабе возьме.

Пасля гэтага яны разбягаюцца па пляцоўцы і шукаюць схаваныя цацкі.

Правілы гульні: дзеці не павінны бачыць, куды выхавальнік хавае цацкі; пераможцам лічыцца той, хто болып іх знойдзе.

 

Прапануйце дзецям пасля прагулкі:

1. Намаляваць крыніцу і яе вытокі.

2. Зляпіць птушак і жывёл.

3. Зканструяваць купель.

4. Зрабіць сумесна з дзіцём калаж "Наша вясёлая прагулка".

 

Дадатковая інфармацыя:

З сабой на прагулку можна ўзяць: плед, набор для пікніку, размалёўкі з выявамі прыроды, альбом для малявання, алоўкі, тэлефон для фотаздымкаў альбо фотаапарат.

 

Пасля прагулкі, перад сном прачытайце казку Якуба Коласа "Крыніца"

Можа, вы і не паверыце, што гэта ўсё праўда. Але ці так яно было, ці не так — спрачацца не буду. Скажу проста: гэтая крынічка напэўна частавала сваёю вадою яшчэ вашых дзядоў-прадзедаў. Яе вада — найчысцейшыя слёзы веснавых хмарак, што ад узнікнення свету ходзяць над зямлёю такімі прыгожымі чародкамі. Яе беражкі — аксамітныя межы, з-пад гэтых аксамітаў ззяе золата жоўтых пяскоў.

А тыя землі, што ляжалі побач! Колькі хараства, колькі мудрага задумення было ў іх!

Не дзіва, што тут, каля крынічкі, кіпела жыццё, бо кожнаму хацелася стаць бліжэй да вады, каб палюбавацца на сваё ўласнае хараство ў яе люстры, як гэта любілі рабіць прыгожыя краскі. Другім хацелася паслухаць цікавую музыку, якую складалі дробненькія хвалькі, скачучы з каменьчыка на каменьчык, трэція блукалі тут, каб крыху адпачыць у прахалодзе бліскучых хваль, чацвёртыя гарнуліся сюды — проста гледзячы на другіх.

Але крынічка была такая скромная, такая сарамяжлівая, што нават не зварачала ўвагі на сябе самую і ніколечкі не ганарылася сабою. Цякла і цякла сабе туды, куды несла яе нязнаная сіла, нават і не думаючы пра тое, якую важную ролю ў аб’яднанні жыцця выконвала яна. А тая гара, што дала ёй пачатак жыцця, пазірала на яе з любасцю і гордасцю маці. Часамі яе жоўтыя камяністыя схілы асвятляліся такою радасцю, такою ўсмешкаю здавалення, што ўсім рабілася лёгка, добра, ціха, мірна. Найчасцей гэта здаралася тады, калі ўсё вакол пачынала абуджацца пасля ночы. З-за далёкіх рубяжоў зямлі, дзе неба так нізка нахіляецца да яе, уздымалася залатая карона, яе агнявістыя бліскучыя праменні, як стрэлы, разляталіся па зямлі і па небе. Лясны жаваранак і салавейка ў цяністых кустах стараліся навыперадкі павітаць сонейка першымі, і песні іх дрыжалі прыгожай музыкаю ў хвалях паветра ціхай раніцы. І трудна было сказаць, хто з іх лепей спявае.

Але часы змяняліся, і, бывала, нейкі смутак ахопліваў гару. Тады яна агортвалася сіваю намёткаю туману і аб нечым моцна тужыла. Ніхто не ведаў, якія прычыны засмучалі гэтую добрую горку. А гара-маці, як відаць, думала аб далейшай долі свае дачкі. Чулае матчына сэрца адгадвала тое, чаго так часта не можа прадбачыць нават сталы розум, узбагачаны веданнем з’яў і ўмоў жыцця.

— Эх, дачушка, дачушка! — уздыхала гара.

— Чаго, матулечка, так цяжка ўздыхаеш? — пытала крынічка.

— Эх, любачка! Ты яшчэ мала жывеш на свеце і шмат чаго не цяміш, блазніца. А я, стоячы тут з незапомных часоў, навучылася бачыць тое, чаго не бачыш ні ты сама, ні гэтыя пышныя і крыху надзіманыя дубы, ні наогул усе большыя і меншыя тутэйшыя жыхары. Толькі людзі, і то не ўсе, а самыя сталыя, самыя разумныя з іх, што пільна і пранікнёна ўглядаюцца ў кнігу жыцця зямлі, могуць трошкі разбірацца ў гэтых справах.

— Што ж ты хочаш сказаць, матуля?

— Мілая дачушка! Даўно я заўважаю, што ў зямлі дзеецца штось нядобрае. Чуе маё сэрца, што нейкая сіла рыхтуецца павясці цябе па другой дарозе.

— А што можа рабіцца ў зямлі? — спытала здзіўленая і зацікаўленая крынічка. — Зямля такая спакойная, нерухомая, як быццам зусім акамянела і застыла.

Слухалі травы, слухалі краскі, слухалі ракітнік і лазняк, птушкі, нават салавейка прыпыніў сваю песню і прыслухоўваўся да гэтай размовы. Усім здавалася, што нікога на свеце няма разумнейшага за крынічку, бо аб такіх цікавых і мудрых рэчах гаманіла з імі яна! А тут і крынічка шмат чаго не ведае. І ўсе замерлі — так уважліва слухалі яны гэтую гаворку.

— Эх, неразумнае дзіцятка! — сказала гара. — Гэта толькі павярхоўнаму воку не відно нічога. Зямля жыве, у яе жыцці многа-многа змен, толькі ж яны выяўляюцца так павольна, так непрыметна, і на першы погляд здаецца, што яна скончыла кола свайго існавання. А ты вазьмі вецер: чаго толькі не робіць ён? А гэтыя прыгожыя хмаркі, што любяць так часта прапаўзаць над намі, каб адбіцца ў люстры твае чыстай вады! А іншыя схованыя ў нетрах зямлі сілы! Але не ў гэтым справа, пра гэта мы пагаворым другім разам. Справа ж у тым, што цябе хочуць павярнуць на другую дарогу.

— А чым жа, матуля, гэта кепска? Ну і пайду, і пабягу ў другіх берагах... Скажу табе, родная, мне і самой хацелася паглядзець на другія абшыры Божага свету.

Засмуцілася старая гара, пацямнелі яе прыгожыя схілы, бо вечар павольна апускаўся на зямлю і за далёкімі пагоркамі хавалася сонца.

— Я мушу перасцерагчы цябе, дачушка, — зноў сказала гара. — Наўперад ты добра падумай, а ўжо тады выбірай свой лёс. Ніхто, дачушка, не можа стрымаць твайго жадання, і ты пойдзеш туды, куды цябе так цягне твая цікавасць. Ты пойдзеш у другі бок, у другія краі панясеш сваю ваду. Праўда, ты спаткаеш шмат новых з’яў, угледзіш тое, што табе і не снілася. Але памятай, дачушка, успомніш ты сваю старую матку, успомніш аксаміты тваіх беражкоў і залатое сваё дно, і моцна-моцна пацягне цябе сюды, бо сярод чужынцаў ты згубіш свой воблік, сатрэшся з твару зямлі. А я тут буду стаяць адна, і туга разлукі з табою высушыць маё сэрца. Ты паглядзі, вунь там, бачыш, стаяць горы, а на іх расце лес. Гэта ўсё мае сваячкі, і не сягоння-заўтра яны, таксама як і я, дадуць пачаткі новым крынічкам... Яны будуць бегчы сюды, і калі б ты пачакала, дык яны зліліся б з табою: нахіл зямлі якраз ідзе ў гэты бок. Тады б вы сталі магутнай ракою, і ў гурце вам не страшна было б каціцца ў свет: вас ніхто не адолее, і вы не страціце сябе на чужыне. Вы б ажывілі ўвесь гэты край, ён стаў бы багатым усім на зайздрасць.

І яшчэ скажу табе адно: калі ты пачуеш, як здрыганецца зямля, дык хутчэй, як мага, старайся перарэзаць, прабегчы абвал, які ляжа ўпоперак твае дарогі, і ты пацячэш па старым жолабе. А не зробіш гэтага, дык ужо будзеш прымушана звярнуць на другую дарогу, куды цябе горне гэта няяснае, такое павабнае жаданне навіны.

Вечар даўно кінуў намётку шараватага змроку на заціхаючую зямлю. Гара маўчала, ціха разважаючы аб чымсьці. Поўны месяц устаў на небасхіле; яго таемны і тужлівы водбліск разліўся над ціхімі разлогамі зямлі і неба. Крынічка ўсё бегла, гнала хвальку за хвалькай, поўная задумення. Булькала і звінела, як музыка, зачароўваючы зялёныя беражкі; залатыя мары снаваліся над пахіленымі галоўкамі прыгожых красак. Месячык падплыў яшчэ вышэй і кінуў сваю касу ў лона крынічкі і зачараваў яе. Цяпер ёй яшчэ мацней захацелася ісці далёка, бо ёсць невыразнае хараство ў гэтых прыгожых далях, у гэтых няясных парываннях да невядомага.

Прыгожыя мары-летуценні раптоўна перабіліся. Крынічка пачула, як пад ёю здрыганулася зямля, цяжкая глыба адарвалася ад гары-маткі і загарадзіла ёй дарогу.

— Я не праб’юся! Я не праб’юся! — прашаптала крынічка.

— Хутчэй, хутчэй, дачушка, ты здолееш прабіцца! — з матчынай любасцю і страхам перад дарагой стратай трывожна казала гара.

— Я не праб’юся!.. Што ж? На новую дарогу. — І ў другі бок пабегла крынічка.

Заплакала гара буйнымі росамі... Асірацела старая гара, пераляцеў кудысь салавейка, пасохлі прыгожыя краскі, і жоўтымі пяскамі засыпаў вецер прыгожую дарожку крынічкі.

Нарадзіліся і пацяклі другія крынічкі, утвараючы новае жыццё, а гэтае, калісь шумлівае і вясёлае, месца пачало заміраць і глухнуць. І толькі гара з абветранымі схіламі яшчэ сведчыла аб даўнейшых часах поўнага жыцця. Нават трава не расла тут, і толькі непатрабавальны сівец, які прывык да цяжкіх умоў жыцця, сям-там раскідаўся купінкамі па гары.

Прайшоў час.

Была раніца. Адвечнае сонейка, пакорнае законам Вышэйшага розуму, пачынала новы дзень. Ціха ўздымаўся над лагчынамі туман, крычалі дзесь гусі. Лесавы жаваранак ужо снаваў у небе і вітаў яснае сонца. Ён так і застаўся тут, каля гэтай гары-сіраты, і толькі адзін разганяў яе журбу; часамі ўсмешка засмучанай радасці асвячала яе жоўтыя схілы.

Скончыўшы песню, жаваранак сеў на камень, што ляжаў на самым версе гары, і сказаў:

— Паслухай, маці, а да цябе прыйшлі дарагія госці, толькі яны баяцца зірнуць табе ў вочы.

На купінках сіўца блішчалі, як слёзы, буйныя кроплі расы.

— Ах, мілая матуля, — загаманілі кроплі, — мы прыйшлі, бо вельмі ж смуціліся па табе ў далёкіх невядомых краях. Мы — часткі твае роднай крынічкі, што цякла з твайго сэрца. Даруй жа нам, матка, што мы не паслухалі цябе. — І расказалі аб сваім бадзянні.

Аб чым маглі сказаць яны, падумайце самі.

Гара ж ім сказала:

— За тое, што вы не паслухалі свае маткі і кінулі сваю радзіму, вы будзеце вечна кружыцца па свеце і ніколі не збудзеце сваёй жальбы па родных кутках, і нідзе не будзеце мець вы прытулку на свеце.

Прыгрэла сонейка, заззялі кропелькі дарагімі каменнямі і зніклі.

Куды ж яны дзеліся? Куды?

Яшчэ больш займальных маршрутаў для цікавых падарожжаў вы знойдзеце на сайце Упраўлення адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама.

 

свернуть